Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расказваем, як 50 гадоў таму Камітэт абароны рабочых праклаў шлях да легендарнай  «Салідарнасці»

25.09.2026 08:02
Адкрытасць Камітэта абароны рабочых была рызыкоўным рашэннем, але разлік актывістаў аказаўся слушным. Камуністы не змаглі задушыць хвалі грамадскай салідарнасці. 
Ілюстрацыя https://x.com/ipngovpl/status/1970400524299075698/photo/1

23 верасня 1976 года ў Польшчы паўстаў Камітэт абароны рабочых (Komitet Obrony Robotników(KOR), які адкрыта дапамагаў людзям, якіх камуністычныя ўлады пераследавалі за ўдзел у чэрвеньскіх пратэстах. Праз пяць гадоў дзеячы камітэта далучыліся да значна шырэйшага руху — «Салідарнасці».

Пасля масавых пратэстаў рабочых у чэрвені 1976 года ў Радаме, Урсусе і Плоцку іх арыштоўвалі, судзілі і звальнялі. KOR збіраў грошы для іх сем’яў, арганізоўваў юрыдычную і медыцынскую дапамогу, паведамляў грамадству пра рэпрэсіі. У звароце, апублікаваным у дзень заснавання, 14 падпісантаў запатрабавалі вызваліць пакараных і вярнуць звольненых на працу. Сярод іх былі пісьменнік Ежы Анджэеўскі, апазіцыянеры Яцэк Куронь і Ян Юзаф Ліпскі, святар Ян Зея.

Адзін з заснавальнікаў KOR Пётр Наімскі ў інтэрв’ю Польскаму радыё ў 2020 годзе тлумачыў, чаму яны вырашылі дзейнічаць адкрыта:

— Стварэнне ўстаноў — незалежных устаноў — стала асновай, стала праграмай, праз якую мы вырашылі ўвасобіць ідэю незалежнасці. Мы свядома звязалі з ёй сваю дзейнасць. Новы спосаб, новая тактыка, якую мы тады прапанавалі, — тактыка адкрытых, нефармальных дзеянняў у рэпрэсіўнай камуністычнай дзяржаве — прынесла вельмі добрыя вынікі.

Камітэт аб’яднаў людзей з розных асяроддзяў. Сын Яна Юзафа Ліпскага, Ян Томаш, у 2017 годзе прыгадваў, што яго бацька асабліва баяўся паўтарэння ранейшага досведу, калі пратэстоўцы заставаліся без падтрымкі іншых частак грамадства, здаўленага рэпрэсіўным апаратам ПНР:

— Існавала вялікая боязь распаду грамадскай салідарнасці, распаду нацыі. Ён менавіта так гэта фармуляваў. Пасля падзей 1968 года, калі інтэлігенцыя і студэнты засталіся адны, і пасля снежня 1970-га, калі адны засталіся рабочыя, ён вельмі баяўся, што такое становішча замацуецца. Камітэт і быў дзеяннем, якое мусіла аднавіць гэтую салідарнасць.

Адкрытасць Камітэту абароны рабочых была рызыкоўным рашэннем: заснавальнікі не ведалі, як адкажуць камуністычныя ўлады. Удзельнік камітэта Ян Літыньскі ў 2011 годзе ўспамінаў развагі, што папярэднічалі яго стварэнню:

— Гэта была, я б сказаў, пэўная гульня. Раней ужо з’яўляліся развагі і розныя тэксты на гэтую тэму, у тым ліку артыкул Яцэка Куроня ў часопісе «Культура», надрукаваны пад псеўданімам. Ён пісаў пра развіццё грамадскага руху: што гэта яго пачатак, што нават у выпадку рэпрэсій працэс ужо пойдзе, лавіна зрушыцца з месца. Як высветлілася, разлік быў слушны.

У верасні 1977 года арганізацыя стала Камітэтам грамадскай самаабароны «Камітэтам абароны рабочых». Побач з дапамогай рэпрэсаваным развіваліся незалежныя лекцыйныя клубы, выдавецтвы і прафсаюзныя ініцыятывы. Збігнеў Рамашэўскі, які ўзначальваў Бюро па дапамозе пацярпелым у Камітэце, у 2006 годзе апісваў гэтую сетку так:

— Быў Лятучы ўніверсітэт, дзе чыталі лекцыі, былі і выдавецтвы, асабліва «Нова». Вялася праца сярод сялян, узнікалі свабодныя прафсаюзы. У значнай ступені гэта былі самастойныя ініцыятывы, якія развіваліся і пэўным чынам узгаднялі сваю працу. Калі пачыналася вялікая справа, усе браліся за яе.

Незалежны друк дапамагаў распаўсюджваць звесткі, якія дзяржаўная цэнзура не прапускала. Гісторык Анджэй Пачкоўскі ў 2006 годзе падкрэсліваў маштаб руху, які паўстаў навокал Камітэту:

— Гэта быў пачатак вялікай хвалі, якая ў часы «Салідарнасці» выйшла далёка за межы інтэлігенцкага асяроддзя і працягвалася нават падчас ваеннага становішча. Выходзілі сотні газет, друкаваліся тысячы брашур і кніг. Пачатак усяго гэтага звязаны менавіта з Камітэтам абароны рабочых.

Для Польшчы, якая знаходзілася ў савецкім блоку, незалежная грамадская арганізацыя мела і палітычнае значэнне. У 1980 годзе паўстала «Салідарнасць», а праз год дзеячы КАР палічылі задачу свайго камітэта завершанай. На з’ездзе новага прафсаюза адзін з заснавальнікаў арганізацыі, прафесар Эдвард Ліпіньскі, зачытаў заяву:

— Мы лічым, што кожны, каму былі блізкія мэты Камітэта абароны рабочых, а пазней Камітэта грамадскай самаабароны „КАР“, сёння павінен, адпаведна сваім ведам і ўменням, падтрымліваць „Салідарнасць“, працаваць у яе шэрагах або на яе карысць. У пятую гадавіну стварэння Камітэта абароны рабочых мы прызнаём нашу дзейнасць завершанай.

У сярэдзіне 1970-х гадоў Польшча заставалася савецкім сатэлітам: улада кантралявала прафсаюзы і прэсу, а адкрытая нязгода пагражала звальненнем або арыштам. Пры гэтым рабочых афіцыйна называлі апорай дзяржавы. Калі ў чэрвені 1976 года яны выйшлі пратэставаць супраць павышэння цэн, улады адказалі кулямі і дручкамі. Менавіта гэтая супярэчнасць падштурхнула частку інтэлігенцыі не толькі выказаць падтрымку рабочым, але і арганізаваць для іх рэальную дапамогу.

KOR завяршыў працу 23 верасня 1981 года, уліваючыся ў масавую «Салідарнасць». Яго гісторыя паказвае, як дапамога людзям пасля канкрэтных рэпрэсій перарасла ў сувязі і незалежныя ініцыятывы, на якія змог абаперціся масавы рух.

Слухайце аўдыё!

эж


 

 

«Снежань 70-га»: як камуністы адказалі кулямі на патрабаванні хлеба

19.12.2025 13:39
17 снежня 1970 года камуністы расстралялі польскіх рабочых, якія ішлі на працу, паверыўшы заклікам ўлады.

Як у Лодзі ў 1981 годзе праходзіў найдаўжэйшы акупацыйны студэнцкі страйк у Еўропе

23.01.2026 12:42
Поспехам пратэстоўцаў стала згода камуністычных уладаў — атрыманая 17 лютага — на рэгістрацыю NZS - Niezależnego Zrzeszenia Studentów (Незалежнага студэнцкага саюза). 

Рубрыка «Варшаўскі мост». Шукайце жанчыну!

30.07.2026 16:01
Рафал Ольберт расказвае пра секс-шпіянаж у ПНР.